Рака Нёман


Free Web Hosting with Website Builder
літ.: Нямунас
Нёман у Літве
Нёман у Літве
Назва Нёман
Выток Мінскае ўзвышша
Вусце Куршскі заліў
Краіны Беларусь, Літва, Расія
Даўжыня 937 км
Ад вусця да вытока
Ад вусця да вытока


НЁМАН (літ.: Nemunas, руск.: Нёман (Неман)) — рака ў Беларусі, Літве і Расіі. Даўжыня 937 км, у межах Беларусі 459 км. Вадазбор 98,2 тыс. км², у межах Беларусі 35 тыс. км² (без вадазбору р. Вілія). Сярэднегадавы расход вады пры выхадзе за мяжу Беларусі 214 м³/с, у вусці 685 м³/с. Агульнае падзенне ракі на Беларусі 96,5 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,21 .

Асноўныя прытокі

Справа: Уса, Сула, Заходняя Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра, Мяркіс, Вілія (Нярыс), Нявежыс, Дубіса, Юра, Мінія. Злева: Уша, Моўчадзь, Шчара, Зэльвянка, Рось, Свіслач, Шашупе.

На рацэ

Гарады: Стоўбцы, Масты, Гродна (порт), Друскінінкай, Алітус, Прэнай, Бірштонас, Каунас, Юрбаркас, Смалінінкай, Неман, Савецк, Русне. Зоны адпачынку: Стоўбцы, Морына, Дзітва (у міжрэччы Нёмана і Дзітвы), Масты (у міжрэччы Нёмана і Шчары), Скідаль, Сонічы. Іншае: Коласаўскі мемарыяльны заказнік (в. Мікалаеўшчына).

Агульнае

Пачынаецца пад назвай Нёманец на Стаўбцоўскай раўніне каля вёскі Верх-Нёман Уздзенскага раёна, упадае ў Куршскі заліў Балтыйскага мора ўтварая дэльту. Праз Агінскі канал Нёман злучаны з басейнам Дняпра, праз Аўгустоўскі канал — з басейнам Віслы. 3 пабудовай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы частка сцёку з басейна Нёмана перакідваецца ў басейн Дняпра. З старажытнасці Нёман быў часткай гандлёвых шляхоў (гл. падр. Бурштынны шлях), якія злучалі Міжземнае мора з Балтыйскім.

У сувязі з тым, што ў выніку Другой сусветнай вайны ў склад СССР канчаткова увайшлі не таолькі Заходняя Беларусь і Літва, але і частка Усходняй Прусіі (Калінінградская вобласць) на 1960-я прыпадае перыяд інтэнсіўнага выкарыстання водных рэсурсаў Нёмана. У сяр. 1970-х курсіравалі цеплаходы паміж Гродна (БССР) і Друскінікаем (ЛітССР), але з развіццём аўтамабільнага транспарта суднаходства на Нёмане спынілася. Цяпер рэгулярнае суднаходства і лесасплаў не ажыццяўляюцца.

Веснавое разводдзе звычайна праходзіць некалькімі хвалямі, доўжыцца 30—50 дзён. Сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 2,5—4 м. Найбольшае разводдзе за апошнія 150 гадоў назіралася ў 1958, калі ўзровень вады падняўся да 3,1 м каля Стоўбцаў і да 8,1 м каля Гродна. Замярзае ў 2-й палове снежня, найбольшая таўшчыня лёду 54—63 см, крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход 7—16 сутак. Характэрны працяглыя, амаль штогадовыя зажоры. Вада ў рацэ па гідрабіялагічных паказчыках умерана забруджаная, выкарыстоўваецца для бытавога і прамысловага забеспячэння.

Рэчышча ад вытоку на працягу 26,4 км каналізаванае, далей — звілістае, шмат меляў, перакатаў, кос, пясчаных астравоў. Дно пясчанае, на перакатах пясчана-камяністае і галечнае. Цячэнне спакойнае з сярэдняй хуткасцю 0,6— 0,8 м/с і ваганнямі ад 0,2 м/с да 2 м/с (у разводдзе). Шырыня ракі ў межань у вярхоўі 35—40 м, ніжэй па цячэнні да 90 м, паміж вусцямі Шчары і Чорнай Ганчы 120—150 м.

Зліццё рэк Сулы і Нёмана

Даліна амаль да вусця Сулы невыразная, ніжэй да мяжы з Літвой пераважна скрынкападобная; паміж вусцямі Шчары і Чорнай Ганчы, дзе Нёман цячэ па ўсходняй ускраіне Гродзенскага ўзвышша, — глыбокая і вузкая (пераважная шырыня 1—4 км). Схілы да ўпадзення Бярэзіны спадзістыя (вышыня 8—15 м, месцамі 30—50 м), на астатнім працягу стромкія, парэзаныя ярамі, вышынёй да 25 м. Пойма двухбаковая, нізкая, забалочаная, парэзаная старыцамі; яе шырыня 1—2 км, месцамі да 4 км, ніжэй г. Масты, дзе даліна глыбокая, часта адсутнічае. Вышэй вусця Шчары складаецца з 2 узроўняў: высокага (2—3 м) і нізкага (0,5—1,5 м). На астатнім працягу даліны вылучаюцца высокі, сярэдні і нізкі ўзроўні.


Крыніцы

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. –Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл./ БелСЭ; Редкол.: И.П. Шамякин (гл.ред.) и др. –Мн.: БелСЭ, 1986. –599 с., 40 л. ил.
  • Блакiтная кнiга Беларусi: Энцыкл. / БелЭн; Рэдкал.: Н.А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994. — Паводле эл.рэсурса poseidon.by
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. –Мн., 2005. –135с.









Why are we here?
All text is available under the terms of the GNU Free Documentation License
This page is cache of Wikipedia. History