|
УЦЬ, Вуць — рака ў Добрушскім і Гомельскім раёнах Беларусі, левы прыток Сажа. Даўжыня 75 км. Вадазбор 433 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,5 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,6 ‰. Асноўныя прытокі: ручай Радзвін (злева) і рака без назвы каля в. Івакі (справа). На рацэ: г.п. Церахоўка.
Пачынаецца за 1,7 км на паўночны захад ад в. Лук′янаўка Добрушскага раёна, вусце каля в. Цярэшкавічы Гомельскага раёна. Цячэ па Гомельскім Палессі. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 2,4 м. Замярзае ў канцы снежня, крыгалом у пачатку 2-й дэкады сакавіка. Даліна трапецападобная, шырынёй 300—600 м, у вытоку 150 м. Пойма двухбаковая, месцамі перарывістая, шырынёй 200—300 м; у разводдзе затапляецца на глыбіню 0,4—0,8 м тэрмінам да 2 тыдняў. Ад вытоку рэчышча каналізаванае на 2 км, у сярэднім цячэнні на 17,2 км. Шырыня ракі ў межань 10—18 м. Берагі да в. Вуць нізкія, забалочаныя, ніжэй пераважна стромкія і абрывістыя.
|
Why are we here?
All text is available under the terms of the GNU Free Documentation License
This page is cache of Wikipedia. History